Праекты

«Сузор’е беларускага памежжа: беларусы і народжаныя ў Беларусі ў суседніх краінах»
Энцыклапедычны даведнік
Завяршальны этап работы

Выканаўцы: ДУА «Інстытут культуры Беларусі», федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Расіі», ГА «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў».

Рэдакцыйная калегія:
Алесь Адамковіч, (Таварыства беларускай культуры, Вільнюс); Вольга Гапоненка, кандыдат гістарычных навук (Музей гісторыі НАН Беларусі); Галіна Івуць, сакратар калегіі (метадыст Інстытута культуры Беларусі); Валерый Казакоў, намеснік старшыні калегіі (федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Расіі», Масква); Алесь Карлюкевіч, намеснік старшыні калегіі (галоўны рэдактар газеты “Звязда”); Адам Мальдзіс, доктар філалагічных навук, старшыня калегіі (Інстытут культуры Беларусі, Грамадскае аб’яднанне «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў»); Яраслаў Мальдзіс (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі); Мікола Нікалаеў, доктар мастацтвазнаўства (Нацыянальная бібліятэка Расіі, Санкт-Пецярбург, Расія); Галіна Навіцкая (таварыства «Радзіма»); Ян Чыквін, доктар габілітаваны (Універсітэт у Беластоку, Польшча); Ларыса Языковіч, намеснік старшыні калегіі (галоўны рэдактар «Беларускай Энцыклапедыі»).

Канцэпцыя. На глабальным народазнаўчым небасхіле колькасць беларускіх «зорак» рознай велічыні вызначаецца прыкладна ў два з паловай мільёны. Зразумела, што ў гэты энцыклапедычны даведнік маглі трапіць толькі найбольш яркія з іх, найбольш вядомыя па апублікаваных звестках. У некаторых выпадках выбар па канкрэтных краінах і абласцях рабіўся кіраўнікамі беларускіх суполак. Найбольш значную дапамогу мы атрымалі з Санкт-Пецярбургу і Беластоку, Новасібірскай, Томскай і Цюменскай абласцей Расійскай Федэрацыі.
У адпаведнасці з канцэпцыяй, разгледжанай і адобранай на пасяджэнні Навукова-метадычнай рады Інстытута культуры Беларусі, у даведнік уключаны біяграфічныя артыкулы пра нашых суайчыннікаў, што ўнеслі свой уклад у развіццё дзяржаўнага, сацыяльнага, эканамічнага і культурнага жыцця памежных краін – дзяржаў, якія ўтварыліся на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, і Польшчы. Гэта беларусы, якія засведчылі сваё этнічнае паходжанне дакументальна, асабістым сведчаннем, творчасцю або ўваходжаннем у беларускія суполкі, а таксама прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей, што нарадзіліся ў Беларусі ў яе цяперашніх межах. Не уключаны ў даведнік тыя беларусы ці ўраджэнцы Беларусі, якія дзейнічалі ў памежных краінах, а потым пераехалі ў далёкае замежжа (яны ўвойдуць у наступны даведнік – пра далёкае замежжа) або вярнуліся на радзіму, а таксама нашчадкі беларусаў ці ўраджэнцаў Беларусі, дастойныя ўваходжання ў спецыяльны даведнік.
Прэзентацыю энцыклапедычнага даведніка плануецца правесці на чарговым Фестывалі культуры і мастацтва беларусаў свету ў Мінску.


Насустрач міжнародным юбілеям ЮНЕСКА


У бліжэйшы час жыхароў Беларусі чакаюць чатыры значныя даты. Па дзвюх з іх ужо прыняты адпаведныя рашэнні на ўзроўні як ЮНЕСКА, так і Савета Міністраў Рэспубликі Беларусь, а яшчэ па дзвюх рыхтуюцца дакументы, аб чым сведчаць шматлікія артыкулы ў друку. Найбольш важныя з іх, якія маюць непасрэднае дачыненне да сферы культуры, будуць змешчаны на нашым сайце.

Самы блізкі юбілей – 200-годдзе з дня нараджэння Іосіфа Гашкевіча, па сутнасці першага беларускага дыпламата, які з’яўляўся першым консулам Расійскай дзяржавы ў Японіі, вядомым буйным вучоным-усходазнаўцам. Як сведчаць архіўныя дакументы, адшуканыя ў Вільнюсе з маім непасрэдным удзелам, нарадзіўся ён 4(16) сакавіка 1814 г. у вёсцы Стрэлічава цяперашняга Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці (гэтыя звесткі публікуюцца тут упершыню), а памёр у вёсцы Малі цяперашняга Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці 15 мая 1875 г. і пахаваны ў Астраўцы на прыходскіх могілках. Памяць пра дыпламата, вучонага і падарожніка ўвекавечана ў гэтым горадзе бюстам і назвай вуліцы. Канкрэтнае месца ж пахавання давядзецца выяўляць у юбілейным годзе.


Асноўныя ўрачыстасці, прысвечаныя Іосіфу Гашкевічу, пройдуць сёлета ў Мінску і Хакадатэ, на японскім востраве Хакайда, дзе знаходзілася першая расійская консульская місія. З дапамогай Інстытута культуры Беларусі 20 сакавіка адкрыецца юбілейная выстаўка ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, а 21 сакавіка на факультэце міжнародных адносін БДУ пройдуць (пад грыфам у тым ліку Інстытута культуры Беларусі) ІІІ Гашкевічаўскія чытанні.
Наступны юбілей, пацверджаны ў бягучым годзе, як і папярэдні, рашэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, – 250-годдзе з дня нараджэння славутага польскага і беларускага кампазітара і грамадскага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага (з беларускага роду Глушонкаў). Ён напісаў паланэз «Развітанне з Радзімай»; яго аўтар гэтых радкоў яшчэ ў 1958 г. звязаў з беларускай зямлёй, з сядзібай Залессе ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці. У рамках мерапрыемстваў ЮНЕСКА мне давядзецца аказаць тэксталагічную дапамогу выданню на беларускай і рускай мовах чатырохтомнага перакладу «Мемуараў» Агінскага.

 


На міжнародным узроўні будуць адзначаны юбілеі, якія маюць вялікае і непасрэднае дачыненне да гісторыі беларускай культуры. У 2017 г. споўніццца 500 год беларускаму і, шырэй, усходнеславянскаму кнігадрукаванню, распачатаму 6 жніўня 1517 г. знакамітым палачанінам Францыскам Скарынам у Празе. У тым жа годзе споўніцца 800 год найменню Беларусь (Alba Ruscia), упершыню зафіксаванаму ў пісьмовых крыніцах.

 


А ў 2019 г. будзе святкавацца 200-годдзе з дня нараджэння пачынальніка польскай і беларускай оперы Станіслава Манюшкі, які прыйшоў на свет у фальварку Убель на сённяшняй Чэрвеньшчыне, гімназічную адукацыю атрымаў у Мінску, там жа пабачылі свет першыя яго оперныя творы на словы пачынальніка новай беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Ужо сёння ў друку ідуць гарачыя дыскусіі, дзе і які ім паставіць помнік, як узнавіць іх творы на мінскіх сцэнах.
Адам Мальдзіс


Back to Top