«Узаемадзеянне арганізацый культуры ў сферы народнай творчасці»

Рэспубліканскі навукова-практычны семінар для кіраўнікоў і спецыялістаў сферы культуры «Узаемадзеянне арганізацый культуры ў сферы народнай творчасці», які прайшоў 21 снежня 2016 г. у Інстытуце культуры Беларусі, ставіў мэту абмеркаваць арганізацыйныя, навукова-метадычныя пытанні ўзаемадзеяння арганізацый культуры з міжнароднымі, рэспубліканскімі, рэгіянальнымі навуковымі і культурнымі цэнтрамі.

 

На ім выступілі супрацоўнікі інстытута (Сташкевіч А. Б., начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, Лозка А. Ю., начальнік аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці, кандыдат філалагічных навук, дацэнт), навукоўцы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (Валодзіна Т. В., загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў, доктар філалагічных навук, дацэнт, Кухаронак Т. І., кандыдат гістарычных навук, дацэнт), спецыялісты арганізацый культуры (Балаўнёва І. В. з Магілёва, Шчэліна А. В. з Ліды, Казюлін М. В. з Мінска), кіраўнік беларускай секцыі Міжнароднага цэнтра арганізацыі фальклорных фестываляў (CIOFF) пры ЮНЕСКА (Сядзяка А. Г.).

Прысутныя актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні выступленняў і прынялі шэраг рэкамендацый, сярод якіх:

узмацніць і пашырыць дзейнасць арганізацый культуры ў напрамку ўзаемадзеяння з міжнароднымі, рэспубліканскімі, рэгіянальнымі навуковымі і культурнымі цэнтрамі па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы развіцця народнай творчасці і сацыякультурнай дзейнасці;

арганізацыям культуры актыўней прыцягваць навуковых работнікаў да сваёй працы, актывізаваць дзейнасць па збору фальклорных узораў народнай творчасці ў рэгіёнах краіны, прадстаўляць з прынятай пашпартызацыяй палявыя запісы ў архіў Нацыянальнай акадэміі навук (Мінск, вул. Сурганава, 2, корп. 2);

у фестывальным руху шчыльней супрацоўнічаць з беларускай секцыяй Міжнароднага цэнтра арганізацыі фальклорных фестываляў (CIOFF)  пры ЮНЕСКА з мэтай дастойнага прадстаўлення дасягненняў беларускай нацыянальнай культуры за межамі краіны;

Інстытуту культуры Беларусі ў адукацыйнай дзейнасці, спецыяльных семінарах, на сайце ўстановы прадстаўляць інфармацыю па фандрайзінгу, альтэрнатыўных  цэнтрах фінансавання культурных праектаў, адкрытых конкурсах на міжнародныя гранты, стыпендыі, стажыроўкі.

Back to Top