Навукова-метадычны семінар «Нематэрыяльная культурная спадчына як фактар устойлівага развіцця тэрыторый»

 

3 лістапада 2016 г. у Інстытуце культуры Беларусі адбыўся навукова-метадычны семінар «Нематэрыяльная культурная спадчына як фактар устойлівага развіцця тэрыторый». Мэтай семінара стала павышэнне ролі нематэрыяльнай культурнай спадчыны (далей – НКС) як фактару ўстойлівага развіцця тэрыторый, знаёмства з методыкай распрацоўкі і рэалізацыі плана мерапрыемстваў па захаванню НКС. У мерапрыемствы прымалі ўдзел эксперты з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (Валодзіна Таццяна Васільеўна, доктар філалагічных навук, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў, Кухаронак Таццяна Іванаўна, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры), супрацоўнікі Інстытута культуры Беларусі, спецыялісты па ахове гісторыка-культурнай спадчыны з усіх абласцей краіны.

На адкрыцці з прывітальным словам выступіла прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Інстытута культуры Беларусі, кандыдат педагагічных навук, Анжэліка Вадзімаўна Прадзеіна. Начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ала Барысаўна Сташкевіч пазнаёміла ўдзельнікаў з этычнымі прынцыпамі аховы НКС, якія былі прыняты на 10-й сесіі Міжурадавага Камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, у якасці кіруючых для выкарыстання ў дзейнасці спецыялістаў і арганізацый, што прама ці ўскосна ўплываюць на НКС, з мэтай забяспячэння яе жыццяздольнасці і ўкладу ва ўстойлівае развіццё тэрыторый. Даклад па пытаннях аб этыцы захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны прадставіла загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук Таццяна Васільеўна Валодзіна. Паміж удзельнікамі семінара адбылася дыскусія, на якой абмяркоўвалася рэалізацыя этычных прынцыпаў па ахоўнай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі. Таксама падчас праграмы былі паказаны лепшыя сусветныя практыкі па захаванню НКС, унесеныя ў Рэестр перадавых практык ЮНЕСКА. За круглым сталом па тэме «Беларускія праграмы, праекты і мерапрыемствы, якія найлепшым чынам адлюстроўваюць прынцыпы і мэты Канвенцыі 2003 г.» кожны з удзельнікаў падзяліўся вопытам у галіне аховы НКС.

Падчас семінара праведзены трэнінгі з мэтай асваення методыкі распрацоўкі і рэалізацыі планаў мерапрыемстваў па захаванню НКС, яе практычным прымяненнем адпаведна патрабаванням ЮНЕСКА. Спецыялісты з раёнаў, дзе актыўна вядзецца работа па індэтыфікацыі і інвентарызацыі, мелі магчымасць прыняць удзел у трэнінгу па падрыхтоўцы намінацыйных файлаў.

Вынікамі семінара сталі рэкамендацыі па распрацоўцы этычнага кодэкса па захаванню нематэрыяльнай культурнай спадчыны, стварэнню планаў аховы НКС як фактару ўстойлівага развіцця тэрыторый.

Back to Top