Інстытут культуры Беларусі прыняў удзел у арганізацыі і правядзенні ІІІ Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”.

Нацыянальны форум “Музеі Беларусі” праводзіцца адзін раз у два гады з 2012 года ў мэтах падтрымкі музейнай справы ў Рэспубліцы Беларусь, стымулявання творчых ініцыятыў, заахвочвання музейных работнікаў, якія ўнеслі значны ўклад у вывучэнне, захаванне і папулярызацыю культурных каштоўнасцей, а таксама для прыцягнення ўвагі шырокіх колаў грамадскасці да адметнасці, шматграннасці і значнасці музея як сацыякультурнага інстытута. 

 

У гэтым годзе форум праходзіў у г. Магілёў пад дэвізам “Руйнуючы стэрэатыпы, пераадольваючы кансерватызм”. Сярод удзельнікаў кіраўнікі музеяў, спецыялісты ў сферы музеялогіі Рэспублікі Беларусь і замежжа (Расія, Украіна, Літва, Швецыя, Польшча, ЗША). 

Форум аб’яднаў на адной пляцоўцы стэндавыя экспазіцыі музеяў з розных рэгіёнаў Беларусі, прычым, як дзяржаўных, сістэмы Міністэрства культуры і іншых ведамстваў, так і прыватных, грамадскіх музеяў, а таксама кампаній, якія працуюць у сферы музейных тэхналогій. Асноўная частка экспазіцыі форуму размясцілася ў спарткомплексе “Алімпіец”. У ёй прадстаўлена каля 120 суб’ектаў. Сярод іх — 98 музеяў Міністэрства культуры, 11 кампаній-партнёраў музеяў, а таксама 9 суб’ектаў сістэмы Міністэрства адукацыі, а таксама па аднаму — ад Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства аховы здароўя.

У межах форуму былі арганізаваны дэманстрацыйная і дзелавая праграмы, майстар-класы народных рамеснікаў, выступленні творчых калектываў. На форуме прадэманстраваны лепшыя дасягненні беларускіх музеяў за апошнія два гады, іх творчы патэнцыял, здольнасць да змен, гатоўнасці да дыялогу, супрацоўніцтва і ўвядзення навацый. 

Важная складаючая форуму — правядзенне прафесійнага рэспубліканскага конкурсу сярод музеяў, які адбыўся пад дэвізам “Музеі ў новай крэатыўнай эканоміцы”. 

У 2016 г. вызначалі пераможцаў у пяці намінацыях: 

“За лепшы музейны праект”;

“За лепшае прадстаўленне музея на экспазіцыі форуму”;

“За лепшае музейнае выданне”;

“За навацыі ў музейнай дзейнасці”;

“За лепшую культурна-адукацыйную праграму”.

У склад аргкамітэта, журы і рабочай групы па падрыхтоўцы форуму ад Інстытута культуры Беларусі ўвайшлі прарэктар па вучэбнай рабоце Лапцёнак І.Б., прафесар кафедры культуралогіі і псіхолага-педагагічных дысцыплін Гужалоўскі А.А., начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Сташкевіч А.Б. і загадчык сектара міжнароднай дзейнасці Жукава А.М. Інфармацыя аб пераможцах конкурсу — на сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (www.kultura.gov.by).

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Back to Top