У Беларусі пачалася падрыхтоўка серыйнай транснацыянальнай намінацыі ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА

15–18 верасня 2016 г. у Мінску адбыўся міжнародны навукова-практычны семінар, прысвечаны падрыхтоўцы серыйнай транснацыянальнай намінацыі ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА (далей – Спіс), з папярэдняй назвай «Пасляваенная грамадзянская архітэктура ў постсацыялістычных краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы». 

Мэта семінара – выявіць усе арганізацыі і зацікаўленыя асобы, якія будуць прымаць удзел у дадзенай намінацыі і падрыхтаваць праект плана сумесных дзеянняў. 

Арганізатарамі семінара выступілі: Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Інстытут культуры Беларусі, фонд «Культурная спадчына і сучаснасць» у супрацоўніцтве з Інстытутам кіравання спадчынай Брандэнбургскага тэхнічнага ўніверсітэта Котбус-Зэнфцэнберг (Германія) і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў ФРГ.

На семінары прысутнічалі спецыялісты ў вобласці сучаснай архітэктуры і культурнай спадчыны, эксперты ІКАМОС і ЮНЕСКА з Беларусі, Германіі, Расіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі.

Удзельнікі семінара адзначылі гісторыка-культурнае значэнне і ступень захаванасці праспекта Незалежнасці сталіцы Беларусі, як самага перспектыўнага аб’екта для дадзенай намінацыі. На жаль, два гады таму дадзены аб'ект быў выключаны з беларускага папярэдняга Спіса ЮНЕСКА, што цяпер значна ўскладняе сумесную працу над намінацыяй. 

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, выступаючы 3 верасня 2016 г. на абмеркаванні Генплана развіцця г. Мінска, падкрэсліў: «Минск – это лицо нашей страны. Давайте после себя оставим красивый и достойный город», звярнуўшы асаблівую ўвагу, што мэтай сённяшняга развіцця Мінска з’яўляецца не бяздумнае яго пашырэнне, а захаванне яго аблічча для нашчадкаў. Яшчэ на IV Усебеларускім сходзе ў выступленні было заўважана, што «Потенциал национальной культуры недостаточно используется для формирования и укрепления международного имиджа страны. Необходимо работать над созданием культурно-исторических брендов, которые могли бы ярко, позитивно и полно представлять нашу страну за рубежом». У 2016 г. на V Усебеларускім сходзе Кіраўніком дзяржавы было ўказана на павышэнне турыстычнай прывабнасці культурнай сферы і ўзаемадзеянне і ўзаемаўзбагачэнне розных культур. 

У рэкамендацыях семінара з боку спецыялістаў і экспертаў была выказана настойлівая просьба вярнуць праспект Незалежнасці як гісторыка-культурную каштоўнасць у беларускі папярэдні Спіс з далейшай перспектывай уключэння яго ў серыйную транснацыянальную намінацыю ЮНЕСКА.

 

Back to Top