Выстаўка “Дзіцячай мастацкай школы мастацтваў г. Маладзечна” ў дзяржаўнай установе адукацыі “Інстытут культуры Беларусі”

Чарговая выстава юнацкай творчасці адкрылася на другім паверсе Інбелкульта. Аўтары работ – навучэнцы Дзіцячай мастацкай школы мастацтваў г. Маладзечна. Асноўным накірункам сваёй дзейнасці супрацоўнікі гэтай установы адукацыі называюць развіццё незвычайных здольнасцей дзяцей і авалоданне вучнямі асноў выяўленчай граматы. Паспяховыя вынікі іх працы можна пабачыць у экспазіцыі, сярод характарыстык якой рознабаковасць тэм і тэхнік выканання, прафесійны для юнацтва творчы ўзровень і дакладная перадача эмацыйнага настрою.


Не па гадах сур’ёзная тэматыка закранаецца ў работах аўтараў: трагедыя малога дзіцяці на фоне вайны і палону, наступствы, што праз пакаленні захавалі ў моладзі імкненне да мірнага жыцця ў карцінах пад красамоўнымі назвамі “Дзеці вайны”, “Нам не трэба вайны”, пошукі “Шляху да свету” па метафарычнай вінтавой лесвіцы, яскравая серыя “Рух часу” аб важнасці пераемнасці пакаленняў. Цікавіць моладзь і гісторыя славянскага народа, яго казкі і легенды, творчасць вядомых аўтараў: ёсць на выстаўцы работы, прысвечаныя М.К. Агінскаму, карціны, тэмы і назвы якіх абуджаюць у памяці знаёмыя творы: “Зямля пад белымі крыламі”, “Дымпламаваны баран”, “Вечера на хуторе близ Диканьки”, “Жар-птушка”. Не абмінулі маладыя аўтары і блізкія сэрцу пошукі натхнення, закранулі тэму кахання і псіхалогіі чалавека, адлюстраванне хараства роднай прыроды.
Цікава гэта экспазіцыя і рознабаковасцю выканання мастацкіх твораў. Побач з жывапісам і бацікам значнае месца на выстаўцы займаюць традыцыйныя беларускія тэхнікі – аплікацыя з саломкі і выцінанка.
Асаблівы  інтарэс экспазіцыя выклікае ў настаўнікаў мастацкіх школ – слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі.
Арганізатарам свята колераў выступае аддзел падтрымкі і развіцця культурна-адукацыйных ініцыятыў.
Сваімі ўласнымі ўражаннямі аб выстаўцы ўсе жадаючыя могуць падзяліцца ў кнізе водгукаў.

Марзак Настасся . Шлях да свету.

 

Back to Top