Круглы стол «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да мультынацыянальнага файла "Культура валынкі" ў Рэпрэзентатыўным спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва»

У Інстытуце культуры Беларусі 18 лютага 2016 г. адбыўся круглы стол «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да мультынацыянальнага файла "Культура валынкі" ў Рэпрэзентатыўным спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва». У  2015  годзе па прапанове Славацкай Рэспублікі ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНEСКА быў уключаны мультынацыянальны файл "Культура валынкі" ("Bagpipe Culture"), да якога могуць далучыцца краіны, у культуры якіх існуе такая традыцыя.


Адкрыла пасяджэнне круглага стала прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Інстытута культуры Беларусі Анжэліка Прадзеіна. Удзельнікаў круглага стала прывітала Магда Паспішылава – саветнік-міністр пасольства Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, якая падзякавала за імкненне падтрымаць мультынацыянальную намінацыю.
Мадэратар круглага стала Ала Сташкевіч, начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інбелкульта, пазнаёміла прысутных з асноўнымі крытэрыямі ўключэння элемента ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Яна адзначыла, што паспяховы працэс адраджэння беларускай валынкі, здаўна вядомай у краіне пад назвай дуда, сёння працягваецца, а пытанне захавання традыцыі дударства ў Беларусі з’яўляецца актуальным. Адным з рашэнняў дадзенай праблемы бачыцца далучэнне да вышэйазначанай намінацыі ў Рэпрэзентатыўным спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
У абмеркаванні сучаснай сітуацыі ў развіцці культуры дуды ў Беларусі прынялі актыўны ўдзел прадстаўнікі супольнасці беларускіх дудароў: Алесь Лось, Яўген Барышнікаў,  Вячаслаў Калацэй, Аляксандр Сурба, Дзяніс Сухі, Станіслаў Чавус, Кацярына Радзівілава, Сяргей Чубрык, Вячаслаў Красулін. Прысутныя пагадзіліся, што традыцыя беларускай дуды мае вельмі глыбокія карані, якая складвалася і развівалася ў рэчышчы агульнаеўрапейскай культурнай традыцыі на працягу многіх стагоддзяў. Заняпад дударскай традыцыі, які назіраўся ў сярэдзіне XX cт., змяніўся адраджэннем у канцы стагоддзя. Імпрэзы Дударскага клуба, штогадовыя Дударскія фэсты і навукова-практычныя канферэнцыі, дзейнасць беларускіх майстроў па вырабу музычных інструментаў і даследчыкаў традыцыйнай музычнай культуры прывялі да аднаўлення дударскай традыцыі ў XXI cт., зрабілі гэты інструмент папулярным на святах, фэстах, маладзёжных імпрэзах. Эксперты ў галіне дударскай культуры падтрымалі ідэю далучэння Беларусі да мультынацыянальнага файла "Культура валынкі" ("Bagpipe Culture") і абмеркавалі розныя падыходы да захавання традыцыі.
Прынялі ўдзел у мерапрыемстве супрацоўнікі Інстытута культуры Беларусі, прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, карэспандэнты. Пасля пасяджэння круглага стала дудары зладзілі імправізаваны канцэрт у час прэзентацыі фотаальбома Анатоля Кляшчука «Карагод беларускіх абрадаў».

Back to Top