Прэзентацыя фотаальбома «Карагод беларускіх абрадаў» Анатоля Кляшчука

Прэзентацыя фотаальбома «Карагод беларускіх абрадаў» Анатоля Кляшчука адбылася 18 лютага 2016 г. у Інстытуце культуры Беларусі. Кніга выйшла ў выдавецтве «Беларусь» у 2015 годзе і прызнана лепшым фотаальбомам у намінацыі «Фотапогляд» па выніках 55-га нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» на ХХІІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе, а ў персанальнай намінацыі «Майстэрства» аўтар названы лепшым фотамастаком.

Матэрыялы да выдання А. Кляшчук збіраў на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. У фотаальбоме прадстаўлены каляндарныя абрады і звычаі розных мясцін Беларусі, многія з якіх узяты пад ахову дзяржавы, а таксама, аматарскія формы пераймання нематэрыяльнай культурнай спадчыны моладдзю, уключэнне традыцыйнай спадчыны ў гарадское асяроддзе, у інтэрактыўныя формы дзейнасці музеяў. Аўтар змясціў у альбоме не толькі фотасюжэты, але і апісанне некаторых абрадаў. Выданне зацікавіла тых, хто глыбока вывучае беларускую традыцыйную культуру, прыцягнула ўвагу тых, хто хацеў бы паказаць прыгажосць нашай краіны іншым.
Аўтара шчыра прывіталі і павіншавалі супрацоўнікі Інстытута культуры Беларусі, прадстаўнікі выдавецтва «Беларусь», Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкі і студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, высока ацанілі яго дзейнасць вядомыя фалькларысты і этнографы.
Прэзентацыю суправаджалі выступленні вядомых беларускіх дудароў і Узорнага фальклорнага ансамбля «Калыханка» Міханавіцкага Дома фальклору Мінскага раёна пад кіраўніцтвам Ларысы Рыжковай, удзельнікі якога неаднаразова траплялі ў аб’ектыў фотамастака.

 

 

Back to Top