Дзень беларускай мовы ў Інбелкульце

Дзень беларускай мовы – гэта першая і годная прыступка ў шэрагу мерапрыемстваў Года культуры. Свята, прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы, праведзена 12 лютага ў Інстытуце культуры Беларусі. 

У ім удзельнічалі супрацоўнікі ўстановы і слухачы курсаў павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў (настаўнікі па класу фартэпіяна і дырэктары дзіцячых школ мастацтваў, бібліятэкары). 

У святочна ўпрыгожаным вестыбюлі інстытута гучалі песні ў выкананні У. Мулявіна і ансамбля «Песняры», прадстаўлена кніжная выстава выданняў Інбелкульта, а ў актавай зале адбылася асноўная імпрэза. Кіраўнік установы, прарэктар па вучэбнай рабоце І.Б. Лапцёнак выказала пранікнёныя словы аб роднай мове і яе значэнні, ролі ўстаноў культуры ў яе папулярызацыі і распаўсюджанні. 

Затым прысутныя прынялі ўдзел у сумесных чытаннях вершаў беларускіх паэтаў. У заканчэнні мерапрыемства праведзена дыктоўка на беларускай мове. Тэкст узяты з прадмовы да зборніка «Дудка беларуская» Францішка Багушэвіча. Дыктоўку праводзіў былы настаўнік і дырэктар сярэдняй школы, а цяпер начальнік аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці А.Ю. Лозка.

Свята праведзена ў рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь, я люблю цябе»

 

Back to Top