Рэспубліканская мастацкая выстаўка, прысвечаная 20-годдзю дзейнасці спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі

22 студзеня 2016 г. у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае адкрыццё мастацкай выставы лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, падрыхтаванай Інстытутам культуры Беларусі.


Выстава ўваходзіць шэраг культурных мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею спецыяльнага фонду. Так, у лістападзе мінулага года ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета адбыўся ўрачысты канцэрт, прысвечаны гэтай даце.
Рэспубліканская мастацкая выстаўка, прысвечаная 20-годдзю дзейнасці спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, – збор лепшых работ самых выдатных з 500 прадстаўнікоў выяўленчага мастацтва, узнагароджаных спецыяльным фондам. У іх лік увайшлі сусветнавядомая графіка Рамана Сустава, цёплыя нацюрморты Алесі Скарабагатай, рэалізм Аляксандра Даманава, маляўнічыя ляўкасы Вольгі Мельнік-Малахавай, непаўторныя скульптуры Арцёма Мядзведзева і  іншых. Гэта прызнаныя майстры сваёй справы, іх работы выстаўляліся ў залах Германіі, Даніі, Бельгіі, Кітая, ЗША, Японіі. Многія як выкладчыкі дзеляцца сваім вопытам і сакрэтамі майстэрства з адоранай моладдзю.
У экспазіцыі змешчана паменшаная пластыкавая копія вядомай «Брамы памяці» мемарыяльнага комплексу «Трасцянец». Яе аўтар – Канстанцін Касцючэнка – малады беларускі скульптар, стыпендыят спецыяльнага фонду. Незадоўга да адкрыцця выставы ён атрымаў званне лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Спецыяльны фонд аказвае фінансавую падтрымку маладому пакаленню, спрыяе развіццю творчых здольнасцей юных талентаў, іх прафесійнаму станаўленню і поспеху, садзейнічае папулярызацыі маладзёжнай культуры. Арганізацыя падобных мерапрыемстваў дазваляе пазнаёміць шырокую публіку з працамі маладых аўтараў, паказаць гледачу эвалюцыю беларускага мастацтва, сучасны погляд, новыя метады мастацкага выканаўства, наватарства педагогаў і іх вучняў.
Выстаўка працягнецца да 7 лютага 2016 г.      

Back to Top