Майстар-класы для кіраўнікоў творчых калектываў грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа

У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай супрацоўніцтва з беларусамі замежжа «Беларусы ў свеце» на 2013–2015 гады, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1035 ад 03.12.2013 г., з 14 па 18 снежня 2015 г. у ДУА «Інстытут культуры Беларусі» адбыліся майстар-класы для кіраўнікоў творчых калектываў грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа па тэме «Дзейнасць  калектываў аматарскай творчасці па зберажэнню культурнай самабытнасці і іх роля ў прэзентацыі беларускай культуры за мяжой».

 

На ўрачыстым адкрыцці майстар-класаў з прывітальным словам выступіў намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь В.М. Чэрнік, які паведаміў аб дзейнасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у дачыненні да грамадскіх аб’яднанняў беларускай дыяспары ў рамках мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы.

Удзел у майстар-класах прымалі кіраўнікі творчых калектываў грамадскіх аб’яднанняў з розных краін свету, у тым ліку з Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі, Эстоніі, Італіі, Францыі і Іспаніі. Частка імпрэз адбылася ў Інбелкульце, іншыя праведзены на базе вядучых устаноў культуры і адукацыі краіны: у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж», Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі,  Лідскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, Міханавіцкім Доме фальклору, музеі «Замкавы комплекс “Мір”».

У рамках праграмы вядучыя спецыялісты і навукоўцы Рэспублікі Беларусь правялі майстар-класы па народных промыслах і рамёствах, вакальна-харавой, харэаграфічнай, дэкаратыўна-прыкладной творчасці і абрадава-святочнай культуры.

Аб тэхніцы стварэння беларускіх жаночых галаўных убораў ручніковага тыпу паведаміла Віннікава Марыя Мікалаеўна, кандыдат мастацвазнаўства, старшы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнай беларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

З асаблівасцямі развіцця сучаснага беларускага вакальна-харавога мастацтваі дзейнасцю Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г.І. Цітовіча пазнаёміў народны артыст Рэспублікі Беларусь і мастацкі кіраўнік хору Дрынеўскі Міхаіл Паўлавіч.

Прэзентацыю работы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі арганізавала дырэктар установы Васільчанка Надзея Васільеўна.

З асаблівасцямі беларускага народнага  сцэнічнага танца ўдзельнікі майстар-класаў пазнаёміліся на рэпетыцыі заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца «Белая Русь» пад кіраўніцтвам Карповіча  Анатоля Леанідавіча.

Для ўдзельнікаў майстар-класаў Суша Аляксандр Аляксандравіч, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці, правёў заняткі па выкарыстанню электронных інфармацыйных рэсурсаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

З абрадавай практыкай беларусаў у кантэксце сучаснасці ўдзельнікаў пазнаёміў Кірчук Іван Іванавіч, старшы выкладчык кафедры культуралогіі і псіхолага-педагагічных дысцыплін ДУА «Інстытут культуры Беларусі», кіраўнік  гурта «Этна-трыа “Троіца”». 

Традыцыйныя беларускія танцы ўдзельнікам прадставіла Каліноўская Алена Тадэвушаўна, кіраўнік танцавальнага гурта «GUDA», старшыня аргкамітэта конкурсу выканаўцаў беларускага народнага танца «Мяцеліца».

З майстар-класам па нацыянальных  традыцыйных  промыслах і рамёствах,  майстэртвам саломапляцення пазнаёміла Суша Галіна Аркадзьеўна,  супрацоўнік аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці  ДУА «Інстытут культуры Беларусі», член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.  

Пляценню беларускіх паясоў на пальцах навучыла Жукава Аксана Мікалаеўна, супрацоўнік аддзела міжнароднай і сацыякультурнай дзейнасці Інстытута культуры Беларусі.>Вядучая РУП РТЦ «Тэлерадыёкампанія “Гомель”» Трацэнка Алена Міхайлаўна правяла для ўдзельнікаў майстар-класаў віктарыну «Размаўляем па-беларуску».Кожнаму ўдзельніку мерапрыемства ў мэтах выкарыстання і рэалізацыі атрыманых ведаў на майстар-класах былі ўручаны метадычныя рэкамендацыі, буклет і відэафільм. У рамках мерапрыемства былі падпісаны дагаворы аб культурным супрацоўніцтве з культурнымі цэнтрамі Беларусі за мяжой. 

Ва ўрачыстым закрыцці майстар-класаў прынялі ўдзел М.Л. Рыбакоў, дырэктар УК «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур», і М.У. Дубянок, старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма”».   Арганізатарамі  адукацыйна-культурнага мерапрыемства былі падведзены вынікі, абазначаны перспектывы і шляхі  далейшага ўзаемадзеяння Інстытута культуры Беларусі і аматарскіх калектываў  беларусаў замежжа. Кіраўнікам творчых калектываў грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа  былі ўручаны сертыфікаты. 

 

Back to Top