Рэспубліканскі навукова-метадычны семінар «Рэгіянальная народная культура: захаванне, вывучэнне і выкарыстанне»

 

22 снежня 2015 года ў дзяржаўнай установе адукацыі «Інстытут культуры Беларусі» адбыўся Рэспубліканскі навукова-метадычны семінар для спецыялістаў метадычных службаў, кіраўнікоў мастацкіх калектываў, адукацыйных і клубных устаноў «Рэгіянальная народная культура: захаванне, вывучэнне і выкарыстанне».

 

Асноўная мэта рэспубліканскага семінара – вырашэнне арганізацыйных, навукова-метадычных пытанняў фіксацыі, захавання, вывучэння і выкарыстання рэгіянальнай народнай культуры. 

На мерапрыемстве прагучалі даклады навукоўцаў і практыкаў сферы культуры. Доктар мастацтвазнаўства, прафесар Яўген Міхайлавіч Сахута, вядучы навуковы супрацоўнік ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці прадставіў да ўвагі ўдзельнікаў семінара грунтоўны даклад «Сучасны стан рэгіянальнай народнай культуры».

Сяргей Георгіевіч Выскварка, загадчык арганізацыйна-творчага аддзела дзяржаўнай установы культуры Любанскі раённы цэнтр культуры» падзяліўся практычнымі набыткамі па тэме «Узнаўленне традыцыйных свят беларусаў на аснове вывучэння фальклорных традыцый. Вопыт работы ўстаноў культуры Любанскага раёна». Выступленне суправаджалася відэапрэзентацыяй традыцыйных свят і абрадаў і выклікала шмат цікавых пытанняў да вядомага не толькі ў сваім рэгіёне практыка і кіраўніка фальклорнага гурта, збіральніка і захавальніка традыцый Любаншчыны.                          

Праблемы ідэнтыфікацыі, інвентарызацыі і рэпрэзентацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны рэгіёна былі разгледжаны разам з  начальнікам аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны дзяржаўнай установы адукацыі «Інстытут культуры Беларусі» Алай Барысаўнай Сташкевіч, па метадычных асаблівасцях увасаблення рэгіянальнага фальклору мастацкімі калектывамі – з начальнікам аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці Алесем Юр’евічам Лозкам таго ж інстытута. 

Удзельнікі семінара актыўна абмяркоўвалі пытанні вывучэння і выкарыстання рэгіянальнай культуры ўстановамі адукацыі, мастацкімі калектывамі, дзяліліся вопытам распрацоўкі і выпуску сцэнарна-метадычнай і рэпертуарнай літаратуры, зборнікаў народнай творчасці.

Рэкамендацыі і прапановы, якія былі выказаны ўдзельнікамі семінара, будуць улічаны ў далейшай рабоце Інбелкульта.

 

 

 

 

 

Back to Top