Выстаўка дзіцячай школы мастацтваў «Маладзік» у Інбелкульце

18 снежня 2015 г. у Інстытуце культуры Беларусі адбылося адкрыццё выстаўкі мастацкіх работ вучняў Дзіцячай школы мастацтваў № 3 г. Віцебска «Маладзік». Арганізатар выстаўкі – аддзел падтрымкі і развіцця культурна-адукацыйных ініцыятываў. 

 

Выстава з’яўляецца ўзорам працы настаўнікаў з творчымі дзецьмі, прыкладам удалай педагагічный дзейнасці па пошуку творчай індывідуальнасці, раскрыцці патэнцыялу мастакоў-пачаткоўцаў. 

Нягледзячы на юны ўзрост мастакоў, – малодшым з іх споўнілася ўсяго 9 гадоў, – іх работы адрозніваюцца вытрыманасцю форм і пачуццём колераў. Лягчэй за ўсё гэта можна заўважыць у шматлікіх нацюрмортах, прадстаўленых не толькі ў звычайнай для гледачоў яскравай акварэльнай або гуашнай манеры, але і чорна-белай, выкананай кропкавай тэхнікай малявання. Дарэчы, падпарадкавалі сабе маладыя творцы не толькі кропкі, але і лініі для перадачы дынамічнай геаметрыі.  Адна з такіх работ носіць адпаведную назву «Дынаміка»,  другая – «Час»: праз чорна-белыя лініі можна пабачыць вобраз механізаванага будучага. 

У цікавай пагоні за заўтрашнім днём юнацтва не губляе інтарэсу і да гісторыі: знайшлі на выстаўцы адлюстраванне і рыцарскія турніры ў Мірскім замку, і ўяўны кабінет Тадэвуша Касцюшкі, і «Тры грацыі» ў сярэдневяковых убраннях.  

Тым не менш, большасць з работ – адлюстраванне на карцінах сучаснасці: вясковыя пейзажы, гарадскія вуліцы, паркі, кватэры праз прызму незаштампаванага дзіцячага позірку. Апынуцца можна і на прыгожым лядовым прадстаўленні або вясёлым Дні нараджэнні дзеда. 

Асабліва яскравымі колерамі дзеці малююць свае мары і фантазіі: падарожжа вакол свету, казачныя аднарогі, каляровыя дрэвы і карункавы свет. Менавіта таму гэту выставу можна назваць мазаікай мноства светаў, сучасных і забытых, рэальных і выдуманых, знаёмых і неспазнаных, апынуцца ў якіх дапамагае мастацтва. 

Арганізатары выстаўкі спадзяюцца, што гэты вопыт будзе карысным для настаўнікаў мастацкіх школ, якія прыязджаюць у Інстытут культуры Беларусі на курсы павышэння кваліфікацыі

Сіпарава Дар’я «Зіма»

 

Рабунскі Станіслаў «Пасвячэнне Тадэвушу Касцюшка»

Back to Top