Канцэрт, прысвечаны 20-годдзю спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі

23 лістапада 2015 года ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусі адбыўся юбілейны канцэрт, прысвечаны 20-годдзю спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. 

 

 Арганізатарамі мерапрыемства выступілі: Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, дзяржаўная ўстанова адукацыі «Інстытут культуры Беларусі». 

За 20 гадоў дзейнасці, пачынаючы з 1996-га года, званне лаўрэата, стыпендыята і дыпламанта прысвоена 3388 асобам і 225 калектывам. Самыя настойлівыя атрымоўвалі ўзнагароды ад фонда неаднаразова. 

Удзельнікі канцэрта – лаўрэаты, стыпендыяты і дыпламанты спецыяльнага фонду, якія атрымалі заахвочванні з 1996 па 2015 год, пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. 

Спецыяльны фонд адкрывае імёны і з’яўляецца стартавай пляцоўкай, магутным імпульсам для творчага развіцця новага пакалення беларускіх выканаўцаў: фартэпіянны дуэт Анастасіі і Дар’і Лукашэнка, Уладзіслаў Хандогі, Валерыя Грудзіна, Аляксандра Чыжык і інш.

Таксама ў канцэрце прынялі ўдзел зоркі оперы і балета Беларусі: Юрый Гарадзецкі, Таццяна Гаўрылава, Уладзімір Громаў, Канстанцін Геронік.

 Выступленне салістаў суправаджалі сімфанічны аркестр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і сімфанічны аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам дырыжора Андрэя Іванова.

Гледачоў парадавала і яскравае выступленне ансамбля салістаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь У. Перліна.

У канцэрце былі прадстаўлены розныя жанры выканаўчага мастацтва. У першым аддзяленні – інструментальнае выкананне (фартэпіяна, віяланчэль, скрыпка, труба, ударныя інструменты), у другім – вакальнае выкананне і акадэмічны танец. У гледачоў была ўнікальная магчымасць пабачыць урыўкі са спектаклей Вялікага тэатра. 

Свята класічнага мастацтва з удзелам лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі стала запамінальнай падзеяй у культурным жыцці краіны. 

Back to Top