Прэзентацыя першага ілюстраванага каталога "Скарбы музеяў Беларусі"

Ілюстраваны каталог «Скарбы музеяў Беларусі»

            10 красавіка 2014 г. у ДУА «Інстытут культуры Беларусі» адбылася прэзентацыя першага ілюстраванага каталога «Скарбы музеяў Беларусі=Сокровища музеев Беларуси=Treazures of Belarusian Museums» (Інстытут культуры Беларусі, 2014), на старонках якога знайшлі месца рарытэты з музеяў усіх рэгіёнаў краіны.

 

Выступленне Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Б. У. Святлова

            У каталогу прадстаўлены найбольш каштоўныя прадметы з фондавых калекцый дзяржаўных музеяў Рэспублікі  Беларусь. У ім змешчаны выявы і звесткі аб унікальных помніках, якія ахопліваюць перыяд ад першабытнага грамадства да пачатку ХІХ ст. Рэдкія музейныя артэфакты адлюстроўваюць адметную культуру Беларусі, яе гістарычныя сувязі, багацце стыляў нацыянальнага мастацтва і яго тыпалагічную разнастайнасць, шматграннасць прыгожага пісьменства. Шэраг матэрыялаў раней не публікаваўся.

Выступленне рэктара Інстытута культуры Беларусі К. І. Рамішэўскага

            Выданне падрыхтавана Інстытутам культуры Беларусі сумесна з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з Планам цэнтралізаваных мерапрыемстваў у мэтах вывучэння і папулярызацыі нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны краіны.
Старшыня рэдакцыйнай калегіі выдання — рэктар Інстытута культуры Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства Канстанцін Ігаравіч Рамішэўскі.
Укладальнік выдання — прарэктар Інстытута культуры Беларусі, кандыдат філалагічных навук Ірына Браніславаўна Лапцёнак.
Навуковы рэдактар — прафесар кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Аляксандравіч Гужалоўскі.

Выступленне прарэктара Інстытута культуры Беларусі І. Б. Лапцёнак

            Рэцэнзенты — член-карэспандэнт НАН Беларусі, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі доктар гістарычных навук Аляксандр Іванавіч Лакотка, загадчык кафедры музеялогіі Вільнюскага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук Рымвідас Лаўжыкас.

Наведвальнікі прэзентацыі

            Прэзентацыя ілюстраванага каталога адбылася 10 красавіка 2014 г. у Інстытуце культуры Беларусі з удзелам НАН Беларусі, БДУ, Беларускага фонда культуры, прадстаўнікоў музеяў абласнога і рэспубліканскага падпарадкавання, удзельнікаў праекта і інш.

Акадэмік НАН Беларусі У. В. Гніламёдаў, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Ю. В. Кітурка, член-карэспандэнт НАН Беларусі А. А. Лукашанец, загадчык сектара «Археалогія» Гомельскага палаца-паркавага ансамбля А. М. Пісарэнка, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь А. В. Храмой

            Адкрыў прэзентацыю Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Уладзіміравіч Святлоў. З рэцэнзіямі на выданнне выступілі вядомыя прадстаўнікі беларускай навукі і культуры: член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар, Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец,
акадэмік НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Уладзімір Васільевіч Гніламёдаў,
намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук Сяргей Лявонцьевіч Гаранін,дэкан гістарычнага факультэта БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Сяргей Мікалаевіч Ходзін, старшыня Рады Беларускага фонду культуры Уладзімір Аляксандравіч Гілеп.

Старшыня Беларускага фонду культуры У. А. Гілеп, дэкан гістарычнага факультэта БДУ С. М. Ходзін, дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Т. А. Джумантаева, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Н. М. Усава

            Аб падрыхтоўцы выдання распавялі непасрэдныя яго стваральнікі: старшыня рэдакцыйнай калегіі выдання — рэктар Інстытута культуры Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства Канстанцін Ігаравіч Рамішэўскі, укладальнік выдання — прарэктар Інстытута культуры Беларусі, кандыдат філалагічных навук Ірына Браніславаўна Лапцёнак.

Беларуская паэтэса, празаік, тэатральны крытык Т. М. Мушынская, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Літаратурнага музея Янкі Купалы Н. С. Стрыбульская, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Л. В. Макарэвіч, дырэктар Літаратурнага музея Якуба Коласа З. М. Камароўская

            Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі беларускіх музеяў.
            На прэзентацыі выступілі: дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, кандыдат гістарычных навук Юрый Віктаравіч Кітурка, дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, кандыдат культуралогіі Тамара Аляксандраўна Джумантаева, намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Надзея Міхайлаўна Усава, загадчык Музея «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» (філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея) Ірына Мікалаеўна Тарыма, галоўны захавальнік Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Р. Раманава Вольга Генадзьеўна Малашэнка, загадчык сектара «Археалогія» Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Аляксандр Міхайлавіч Пісарэнка і інш.

Падчас прэзентацыі

            Акрамя дакладаў і выступленняў, на прэзентацыі можна было даведацца аб гісторыі некаторых рэдкіх музейных прадметаў, уключаных у каталог, паслухаць старажытныя фальклорныя песні ў выкананні кіраўніка музычнага гурта «Ліцвіны» Уладзіміра Хрыставіча Бярберава, паўдзельнічаць у праграме Клуба гістарычнай рэканструкцыі «Люцэрн» (кіраўнік — Салавей Ірына Міхайлаўна), у якой была прадэманстравана прыгажосць старажытнаеўрапейскіх танцаў, і атрымаць на памяць дыск аб сваім удзеле ў прэзентацыі.

Выступленне клуба гістарычнай рэканструкцыі «Люцэрн»

            У літаратурна-музычнай кампазіцыі ў выкананні акцёра, рэжысёра, дыктара Беларускага радыё і тэлебачання Алега Аляксандравіча Вінярскага прагучаў урывак з Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г. — «Зварот Льва Сапегі да саслаўяў Вялікага княства Літоўскага» (пераклад на сучасную беларускую мову І. Б. Лапцёнак).

Акцёр, рэжысёр, дыктар Беларускага радыё і тэлебачання А. В. Вінярскі чытае ўрывак са Статута ВКЛ 1588 г.

            Удзельнікі прэзентацыі адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі каталога, адметнасць яго канцэпцыі, дзякуючы якой выданне выйшла далека за межы вузкапрафесійнага музейнага каталога і патрэбаў сферы культуры, падкрэслілі неабходнасць яго ўключэння ў лік «дзяржаўных» выданняў, якія выконваюць ролю міжнароднай прэзентацыі краіны.

Уручэнне дыскаў, падрыхтаваных Інстытутам культуры Беларусі на памяць аб удзеле ў праекце

            Былі выказаны прапановы аб падрыхтоўцы новага тыражу выдання, а таксама ставарэнні яго працягу, у які ўвойдуць найбольш каштоўныя музейныя прадметы наступнага перыяду — ХІХ-ХХ стагоддзяў.

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Б. У. Святлоў падчас інтэрв’ю тэлеканалу АНТ

Back to Top